МАГІЛЁЎСКАЯ ВО́ЛАСЦЬ, Магілёўскае староства, Магілёўская эканомія,

буйное дзярж. ўладанне ў 14—18 ст. У 1387—99 належала каралеве Ядвізе, жонцы Ягайлы. У 15 ст., верагодна, з яе адасобіўся маёнтак Буйнічы. У 1501—31 М.в. у пажыццёвым уладанні вял. княгіні Алены Іванаўны, пазней — дзярж. ўласнасць. Тэр. М.в. сфарміравалася да 1-й пал. 16 ст., калі да яе далучаны часткі воласці Басея і Мсціслаўскага княства. У сярэдзіне — 2-й пал. 16 ст. звычайна называлася староствам. У 1560 уключала г. Магілёў і больш за 60 сёл. Пасля адм. рэформы 1565—66 у складзе Аршанскага павета. З 1588 перайшла ў разрад эканомій. У канцы 16 ст. імкліва павялічвалася колькасць жыхароў і паселішчаў. Паводле інвентара 1604, М.в. складалася (апрача Магілёва) з 194 сёл (з іх 28 пустых), падзеленых на 12 войтаўстваў. Першы адміністратар Магілёўскай эканоміі — Л.І.Сапега, у 1736—72 М.Пацей. У 1772 М.в. далучана да Рас. імперыі (5261 дым, 25 063 душы мужчынскага полу). Значная яе частка раздадзена ў прыватную ўласнасць набліжаным да Кацярыны II — А.М.Рымскаму-Корсакаву (5829 душ з мяст. Чавусы), А.П.Ярмолаву (4445 душ), В.Я.Чычагову (3997), А.А.Празароўскаму (448 душ з мяст. Сухары) і інш. Рэшта захавалася ў якасці дзярж. маёнткаў.

В.Л.Насевіч.

т. 9, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)